Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі-2010: Як дагнаць Эўропу з пустымі кішэнямі?


Аляксандар Лукашэнка, віншуючы сёньня хлебаробаў на "Дажынаках-2010" у Лідзе зазначыў, што ў наступнай пяцігодцы неабходна дасягнуць сярэдняэўрапэйскіх паказчыкаў у сельскай гаспадарцы і сабраць больш за 10 мільёнаў збожжавых. Для дасягненьня гэтых паказчыкаў, дадаў спадар Лукашэнка, “давядзецца бегчы хутчэй ў два разы і павялічыць дысцыпліну ўдвая”.

Сёньня з прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў Ліду адчувальна ўзрасьлі меры бясьпекі. Акрамя поўнага дагляду на турнікетах, у горадзе зьявіліся машыны на якіх усталяваны спэцыяльныя антэны.

На галоўную пляцоўку, дзе выступаў Аляксандар Лукашэнка, людзі не сьпяшаліся, паколькі месцы там былі ў асноўным разьмеркаваныя для гасьцей і непасрэдна пераможцаў жніва.

Людзі, як і ўчора, заняліся шопінгам па шматлікіх гандлёвых палатках, якія месьцяцца на цэнтральных вуліцах горада. Як і учора, за столікамі шмат вольных месцаў. На пытаньне ці падабаецца сьвята, спадар з келіхам піва адмоўна махае галавою.

Спадар: “Таму што грошай у кішэні няма, а да пэнсіі яшчэ далёка, от толькі на піва і хопіць…”

Зьвяртаюся да іншага спадара:

“Так вы хоць шашлык сёньня з’елі?”

Спадар: “Не, няма за што, у кішэні ўсяго пяць тысяч рублёў, за гэта шашлык не з’ясі, каб хоць піва выпіць”.

Спадар са стужкай пераможцы жніва з Гомельскай вобласьці, працуе шафёрам, праўда, рэкордаў жніва не ўстанавіў, а сьвята яму падабаецца. Як жывецца вёсцы на Гомельшчыне, колькі там людзі зарабляюць?

“Нармальна ўсё ў нас і заробкі добрыя. Я вось працую шафёрам на грузавой, атрымліваю 750 тысяч, а падчас уборкі плацілі па паўтара мільёна. Можна жыць у нашай Беларусі…”.

Вельмі шмат людзей праходзяць праз горад майстроў, тут, як звычайна, шматлікія сувэніры, але практычна нідзе яны не сустракаюцца з сымболікай дажынак. І ніхто з майстроў ня можа патлумачыць – чаму адсутнічае сымболіка. Адна жанчына з Стаўбцоўскага раёна, якая прадае плеценыя кошыкі, кажа пра іншае.

Спадарыня: “От дажынкі, адно клікалі нас, мы прыехалі, а ніхто нічога не купляе, толькі ходзяць кошты пытаюцца, болей сюды не паедзем ніколі”.

Дзьве старэйшыя спадарыні закуталіся ў хусткі, яны прадаюць цудоўныя вазончыкі з бліскучымі каляровымі дрэўкамі.

Першая спадарыня: “Добра было б, каб гарачай гарбаткі прынесьлі, але ніхто ж не здагадаецца”.

Другая спадарыня: “Пірог вунь прыносілі, а пра гарбатку не падумалі”.

Першая спадарыня: “Вось мы ў Воранаве былі на сьвяце, дык там нам акрамя кавы і гарбаты прынесьлі і выпіць і закусіць…”.

Высьветлілася, што майстры прыехалі на сьвята за свае грошы, як правіла, большасьць зь іх не прадстаўляе ніякіх арганізацый, камандыровачных ніхто не аплочвае і харчавацца таксама даводзіцца самім.

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка наведаў лядовы палац, які збудавалі да дажынак. Выйшаў на лёд, сустрэўся з юнымі хакеістамі, сказаў, што зараз будуць стварацца спартыўныя школы ў якія будуць набіраць здольных і таленавітых дзяцей. Самых здольных Аляксандар Лукашэнка паабяцаў потым забраць у Менск.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG