Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазэці: «Лукашэнку засталося 14 месяцаў»


Сустрэча ў Стакгольме зь пілётам «плюшавага дэсанту» Тумасам Мазэці

Тумас Мазэці — той самы швэдзкі пілёт, які зь мішкамі прыляцеў на драўляным самалёціку. Прызначае мне сустрэчу ў Clarion Hotel у Стагольме. Зваць яго, дарэчы, правільна не Томас, як усе чытаюць, а менавіта Тумас. І Мазэці — псэўданім. Але ўсе яго ведаюць менавіта так.

Мяркуючы па старонцы агенцтва Studio Total у фэйсбуку, у гатэлі цяпер акцыя «Пакой за мастацтва». Любы мастак пакідае ў гатэлі сваю падпісаную працу фармату А4 і наўзамен атрымлівае пакой на адну ноч. Чамусьці мне здаецца, што гэта прыдумаў Total. Тумас кажа, што яны не распавядаюць пра сваіх кліентаў. Але ў рэстарацыі гатэлю нам ня трэба плаціць: Мазэці за порцыю сушы і кока-колу, мне — за каву. У іх там «рахунак».

Усе паўсюль пішуць, што Total зарабляе сабе імя менавіта на такіх акцыях, як плюшавы дэсант. На маё пытаньне, што вы раней рабілі, Тумас узрушана кажа: «Мы прыводзілі да ўлады палітычныя партыі, мы рабілі маленькія брэнды сусьветна вядомымі, мы рабілі кнігі сусьветнымі бэстсэлерамі!». Якія партыі, Тумас? Якія брэнды? Якія кнігі? «Я не магу пра гэта распавядаць».
Пра такіх адна мая знаёмая беларуска кажа: «Вайны на іх не было».

— Яны праўда такія знакамітыя? — пытаюся я ўвечары напярэдадні інтэрвію ў свайго знаёмага. Ён жыве ў Швэцыі ўжо гадоў 15.
— Праўда. На вуліцы іх, вядома, не пазнаюць, але знакамітыя.
— А што яны зрабілі знакамітага?
— Ну, пару гадоў таму спалілі публічна сто тысяч крон для фэмінісцкай партыі.
— Навошта?
— Каб паказаць, што жанчыны зарабляюць менш за мужчынаў.
— Во прыдуркі.
— Табе ж такія падабаюцца!

Тумас Мазэці — барадаты, малады, апрануты ўва ўсё чорнае. Выглядае і разважае, як тыповы швэд. Пра такіх адна мая знаёмая беларуска кажа: «Вайны на іх не было».

«Ведаеш, найлепш было б, каб Лукашэнка нас забіў. Тады б ён лічыўся б ваенным злачынцам», — кажа Тумас.

— Гэта было б лепш для каго?

— Для ўсяго сьвету, вядома. Таму што калі ён зробіць нешта падобнае, то ўся сусьветная супольнасьць мусіць па-іншаму на яго рэагаваць, і Расея будзе вымушаная ад яго адмовіцца.

— Але Лукашэнка абвінавачвалі у забойствах апанэнтаў больш як 10 гадоў таму.

— Гэтаму няма доказаў! Гэта зусім ня тое, каб ён аддаў загад, і ўсе ўспрынялі б гэта без сумневаў.

— Ты быў гатовы да таго, што цябе заб’юць?

— Ды я ня вельмі баюся. Усё адно калісьці памрэш.

Але гэты дыялёг быў ужо амаль напрыканцы размовы. Гаварылі мы нядоўга — хвілінаў 40.

— Колькі табе гадоў?
— Ад трыццаці да сарака.
— А дзе ты нарадзіўся.
— На поўначы Швэцыі.
— Даўно працуеш з Total?
— Мы яго заснавалі тры-чатыры гады таму.
— А да таго што рабіў?
— Працаваў юрыстам. Але нядоўга. Я па адукацыі юрыст.
— У цябе ёсьць сям’я, дзеці?
— Не, няма.
— Пачуваесься героям?
— Ды не, не зусім. Гэта ж толькі маленькая кампанія. Я думаю, што многія людзі нават не ўяўлялі сабе, наколькі лёгка зрабіць нешта падобнае і прыцягнуць да сябе ўвагу ўва ўсім сьвеце. Я думаю, што гэта вельмі важна: зрабіць вось такую мірную кампанію, каб паказаць людзям, што яны таксама здольныя на такое.
Адны думаюць, што гэта шалёная ідэя, іншыя думаюць, што гэта смешная ідэя, а некаторыя, што гэта дурная ідэя.

Тумас кажа, што ведае шмат беларусаў, якія жывуць за межамі Беларусі. А ў Беларусі ня ведае нікога. Хаця гэта дзіўна, бо ў Беларусі быў некалькі разоў. «Мне падабаецца Беларусь. Падабаюцца людзі, прырода...» Ён ведае словы «амэрыканка» і «Гавары праўду», але ня можа назваць ніводнага беларускага мастака ці пісьменьніка: «Напрыклад, ёсьць шмат габрэйскіх пісьменьнікаў, якія паходзяць зь Беларусі ці з тых месцаў, якія цяпер называюць Беларусьсю. Сярод беларусаў няма сусьветна вядомых пісьменьнікаў. Але шмат якія расейскія пісьменьнікі натхняліся беларускай культурай і мовай. Я насамрэч не разглядаю беларускую культуру як асобную. Мне здаецца, што ў ёй шмат культураў».

Калі глядзець на плюшавы дэсант як на мастацкую акцыю, то для мяне ўсё проста. Здаецца, нават у школьным падручніку было напісана, што мастацтва — гэта «вобразнае асэнсаваньне рэчаіснасьці». Як Total удзячная за мішак, як Pussy Riot за балаклавы і каляровыя калготкі. Нікому зь беларусаў у галаву б не прыйшло, што teddy bear можа быць сымбалем барацьбы з дыктатурай. І мне акцыі «Зьмены», якія так натхнілі Total, падаваліся праявай катастрафічнага дэфіцыту ідэяў.

Толькі лянівы не спытаўся ў швэдзкіх пілётаў, чаму яны выбралі мядзьведзікаў. Але каму да «плюшавага дэсанту» была да галавы гэтая глябалізаваная цацка?

— Вы праўда, думалі, што простыя беларусы, якія ідуць па вуліцы, зразумеюць, што ваш мядзьведзік з парашутам змагаецца з дыктатурай? Ці ў Адміністрацыі Лукашэнкі гэта зразумеюць?

«Ды мне і ня трэба, каб усе беларусы гэта разумелі, — кажа Тумас. — Гэта толькі адна са шматлікіх акцыяў пратэсту. Адны думаюць, што гэта шалёная ідэя, іншыя думаюць, што гэта сьмешная ідэя, а некаторыя, што гэта дурная ідэя. Але відавочна, што СПА не змаглі нас знайсьці і мы зрабілі, што хацелі. Два маленькія чалавечкі прыляцелі ў Менск на маленькім драўляным самалёціку насуперак вялізнаму войску, якое каштуе 30-40 більёнаў у год. Гэта сьмешна. І гэта адна з мэтаў. Такіх мэтаў шмат».

Я штодня карыстаюся інтэрнэтам. У Беларусі такіх, як я, трэцяя частка насельніцтва. Тумас кажа, што ўсё, што ім трэба было ведаць пра сыстэму беларускага СПА, было ў інтэрнэце.
Вашае войска адмыслова створанае, каб удзельнічаць у парадах. Я думаю, што гэта адно з самых горшых войскаў ува ўсім сьвеце.

«Большасьць інфармацыі не сакрэтная. Гэта ж не сакрэт, якія менавіта сыстэмы выкарыстоўвае Беларусь. Ніхто не хавае, што беларускія вайскоўцы любяць сьвяты, што будзе вялізны парад, і што пасьля гэтага яны „трохі стомяцца“. Вельмі лёгка знайсьці такую інфармацыю, асабліва на расейскіх форумах. Усё расейскае войска ёсьць у інтэрнэце. Яны гатовыя адказаць на любыя вашыя пытаньні».
— Ты зь імі размаўляў?
— Так, праз інтэрнэт я размаўляў зь імі.
— Ты ўпэўнены, што гэта былі рэальныя людзі?
— Ня так шмат ёсьць людзей, якія ведаюць, што такое кітайская радарная сыстэма. Я веру, што гэта былі рэальныя людзі, хаця я не магу быць упэўненым. Я думаю, што расейскаму войску па горла хапіла беларускага. Меркавалася, што яно будзе шчытом для Расеі, але яно не працуе. Шмат якія расейскія афіцэры ахвотна распавядалі нам, як кепска ідуць тут справы".
— І як кепска?
— Гэта быў дзень (4 ліпеня — дзень «плюшавага дэсанту») пасьля вялікага параду. Вашае войска адмыслова створанае, каб удзельнічаць у парадах. Гэта ня тое войска, якое звыклася да барацьбы. Я думаю, што гэта адно з самых горшых войскаў ува ўсім сьвеце. Яно выкарыстоўваецца 3-4 разы на год для парадаў, гэта «паказуха». Яно абсалютна бескарыснае.

— Але ж вы парушылі ня толькі нашую супрацьпаветраную сыстэму, але і сваю. Ты не баісься, што нехта з Расеі ці зь Беларусі захоча прыляцець у Швэцыю?
— Ведаеш, калі нехта зь Беларусі ці з Расеі захоча прыляцець у Швэцыю на маленькім самалёціку і раскідаць мядзьведзікаў, магчыма, яму дадуць штраф. У свабодным сьвеце ты можаш лятаць на аэрапляне, гэта не праблема. Гэта толькі ў Беларусі праблема.

Калі мы дамаўляліся пра інтэрвію па электроннай пошце, я прасіла паказаць самалёт. Мазэці гэтае пытаньне праігнараваў:

— Чаму ты ня хочаш паказаць мне самалёт?
— Чаму не хачу? Ён у іншым горадзе, да яго ехаць на цягніку некалькі гадзінаў. Ты праўда хочаш яго паглядзець? Гэта ж проста маленькі драўляны самалёт.
— Хачу. Я ніколі ня бачыла маленькіх драўляных самалётаў. Ты ведаеш, што міністарка абароны Літвы сказала, што вашая акцыя была «вартай жалю» і зрабіла толькі горш для Беларусі. Маўляў, у Расеі цяпер нашмат больш аргумэнтаў, каб абмяжоўваць кантакты Беларусі з Эўропай? Вы думалі пра такія геапалітычныя пытаньні?

Аказваецца, ня проста думалі, а разьлічвалі.

«У Эўропы няма інтарэсаў у Беларусі, — упэўнена кажа Тумас. — Гэта Расея мае тут інтарэсы. Расея мае 80-90 працэнтаў сваіх грошай у Беларусі, асабліва ў дзяржаўных карпарацыях. І якраз цяпер Расея моцна стамілася ад Беларусі. І гэта таксама адна з частак нашага пляну. Ведаеш, расейскія дзяржаўныя мэдыі досыць пазытыўна пісалі пра нашую акцыю. Калі ўзяць, напрыклад, артыкул у "РІА-Новости", то ён ня быў крытычны. Калі паглядзіш на расейцаў, якія займаюць высокія пазыцыі, яны цяпер сьмяюцца зь Беларусі, і з Лукашэнкі, і з вашай „сыстэмы“. Занепакоеныя толькі некаторыя вайскоўцы».

Калі КДБ запрасіла вас прыехаць у Беларусь, вы напісалі ліст асабіста Лукашэнку. Ён вам адказаў?

«Не, Лукашэнка нам не тэлефанаваў, — сьмяецца Тумас. — Але КДБ нам пагражала. Яны спынілі пагрозы пасьля таго, як зразумелі, што мы можам у інтэрнэце знайсьці іх сьляды. Мы ведаем толькі аддзел у КДБ, ад якога былі пагрозы, але ня ведаем канкрэтна чалавека, які гэта рабіў.
Спачатку яны пагражалі, што заб’юць нас

Спачатку яны пагражалі, што заб’юць нас. Пасьля таго, як мы адрэагавалі на гэта, яны сказалі: ок, калі вы ня хочаце прыяжджаць у Беларусь, ці маглі б мы сустрэцца ў амбасадзе ў Маскве? Я думаю, што яны проста хацелі з намі пагаварыць, і, вядома ж, праверыць. Я думаю, што яны ня вельмі разумныя, ня вельмі прафэсійныя. Звыкліся пагражаць людзям, і хацелі гэтаксама паводзіцца і з намі. А гэта сапраўднае глупства, бо мы ў Швэцыі маем выдатную сыстэму бясьпекі, якая дасьледуе такія выпадкі. Яны паводзілі сябе, як дылетанты.

— КДБ пагражала вам забойствам?
— Так, але яны, натуральна, не казалі, што гэта КДБ. Проста мы праверылі, што гэта яны. Я не магу гэтага камэнтаваць. Гэта былі сапраўдныя пагрозы.

— Ок, гэта твая справа. Але ці вы думалі, што іншыя людзі будуць з-за вас цярпець? Як Антон Сурапін ці Сяргей Башарымаў?

— Я ня думаю, што яны цярпяць праз нас. Ведаеш, калі ў Беларусі была нацысцкая акупацыя, нехта адзін у маленькай вёсцы пачаў змагацца з фашыстамі. І з-за яго спалілі ўсю вёску. Як ты думаеш, хто тут вінаваты: фашысты, якія спалілі вёску, ці той, хто пачаў зь імі змагацца?

Ладна, я сама лічу, што ў Беларусі ня важна, калі і зь якой нагоды ты апынесься ў турме ці ў КДБ, але важна, што ты там усё адно апынесься. Але тут, у Стакгольме, шмат якія мае сябры кажуць, што Total сталі фактычна пэрсонамі нон-грата. Іх вінавацяць, што яны заблякавалі ўсе магчымасьці для супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю. Фактычна празь іх зачынілі амбасаду, выслалі амбасадара Эрыксана.

«Слухай, Беларусь — гэта Беларусь. Беларусы павінны самі вырашаць свае праблемы», — пераконвае Тумас.

«Гэта нейкае дзяцінства, безадказнасьць, наіўнасьць, — абураецца мой сябар Даніэль, якому надта цікава, як прайшло інтэрвію. Даніэль шмат гадоў супрацоўнічае з моладзевымі арганізацыямі ў Беларусі. — Я таксама лічу, што беларусы павінны ўсё вырашаць самі. Я спыню супрацоўніцтва, як толькі яны скажуць: ты больш не патрэбны. Але гэта ня значыць, што я буду пазбаўляць іх магчымасьці атрымліваць дапамогу!»

— Ты думаеш, правы чалавека, дэмакратычныя каштоўнасьці — добры інструмэнт для піяру? — пытаюся ў Тумаса.
— Думаю, так. Кампаніі разумеюць, што ёсьць рэчы, важныя для ўсяго сьвету, і падтрымліваюць іх. І пераконваюць кліентаў, якія купляюць іх тавары, што гэта важна. Гэта добра. Гэта ня новы трэнд, і думаю, што ён будзе ўсё больш моцны».

— Як ты сам цяпер ставішся да таго, што вы зрабілі?
— Памятаеш, былы прэзыдэнт Расеі быў у Менску і зрабіў фота «Дзяржаўны цырк»? Я думаю, што гэта самае горшае, што магло здарыцца з Лукашэнкам. Мне гэтага дастаткова.

— Трэба ісьці, — кажа Тумас.

Я раблю пару здымкаў. Мне здаецца, ён трохі напружваецца. А можа, мне здаецца.

Тумас падымаецца з месца і раптам пытаецца: «Як ты думаеш, колькі засталося Лукашэнку?»

Я ня ведаю, што адказаць.

— Ну колькі? Год? Пяць? Дваццаць? Праз дваццаць гадоў ён будзе ўжо стары.

У мяне ніякіх чаканьняў, мараў і прагнозаў на гэты конт.

— Ведаеш колькі? Чатырнаццаць месяцаў.
— З чаго ты ўзяў?!
— Чатырнаццаць месяцаў! Гэта мая лічба. Пабачым!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG