З усёй краіны

 

Мірон вяртаецца

Бадай, ніводная рыба, што водзіцца ў нашых рэках, ня мае столькі назоваў, як вусач: мірон, марона, марэна, келб, кілбун, царская рыба. З-за пагрозы зьнікненьня яна занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Колькі гадоў ня бачылі мірона й на Аршаншчыне, рэкі якой сталі празьмерна бруднымі. Але вось радасная навіна: мірон зноў сустракаецца ў Дняпры і Аршыцы. Расьце ягоная папуляцыя. Значыць, вада стала крыху чысьцейшай. Аднак людзям у нашых рэках санітарна-эпідэміялягічная служба купацца пакуль ня раіць.

Самалёт мяняе прапіску

Сьпісаны з вайсковай авіяцыі самалёт Іл-14 доўгі час быў адной са славутасьцяў гораду Барань на Аршаншчыне. Спачатку ў ім зрабілі цір, потым зьбіраліся адчыніць відэасалён. Але пляны так і засталіся на паперы. Самалёт застаўся без гаспадара. Таму ілюмінатары былі разьбітыя. Узімку дзеці коўзаліся па крылах, ствараючы небясьпечны атракцыён. Каб хуліганы не рабілі беспарадку ў салёне, давялося прыбраць трап. Нарэшце вырашана самалёт дэмантаваць. Пакуль яго пазбавілі крылаў. Па частках самалёт перавязуць на палігон МНС у Воршу, дзе ён будзе выкарыстоўвацца ў якасьці трэнажору.

Віктар Лютынскі, Ворша

Мужазабойца

Не ўдалося перахітрыць сьледчых Антаніне Мазур, жыхарцы вёскі Любішчыцы, што на Івацэвіччыне. Хутка і спрытна яна заспакоіла свайго мужа, галоўнага энэргетыка калгасу, які сярод ночы расхадзіўся пасьля п’янкі, — засадзіла нож у грудзі, ад чаго той адразу сканаў. Каб адвесьці ад сябе падазрэньні, жанчына паклала мёртвае цела на ровар і падалася ў бок чыгункі. Дачакаўшы, калі электрычка зьнявечыць мерцьвяка, вярнулася дахаты. Можна было б усё сьпісаць на няшчасны выпадак, аднак уважлівы судмэдэкспэрт выявіў на целе рану ад нажа. Удаву ўзялі за жабры. І яна расказала пра падрабязнасьці свайго злачынства.

Жанчына атрымала чатыры гады турмы. Дзьвюх непаўналетніх дачок забралі да сябе ейныя браты.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

“Відарыс” у Швэцыі

Барысаўскі народны тэатар “Відарыс” браў удзел у ІІ міжнародным фэстывалі аматарскіх тэатраў краінаў Паўночнай Эўропы, што прайшоў у Швэцыі. У Беларусі няма асацыяцыі актораў-аматараў. Але Міністэрства культуры рэкамэндавала да ўдзелу ў фэстывалі барысаўскі “Відарыс”. Усяго ў Швэцыю прыехалі тэатры дванаццаці дзяржаваў. Барысаўцам выпаў гонар адкрыць фэст. Дзеля паказу ў Швэцыі рэжысэр тэатру Ўладзімер Буйко паставіў спэктакль “Сьмерць доктара Фаўста” паводле п’есы бэльгійскага драматурга Мішэля дэ Гельдэрода. Налета “Відарыс” плянуе паехаць на сусьветны фэстываль у Манака.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Dahledziać za hrošy

Z 1 vieraśnia Baranavicki addzieł sacyjalnaj abarony pierachodzić na płatnaje absłuhoūvańnie adzinokich pensijaneraū. Z 492 čałaviek ciapieraka 129-ci za dapamohu daviadziecca płacić. Košt adnaho naviedvańnia na tydzień kaštuje 14023 rubli, a dla tych, chto žyvie ū pryvatnym sektary, — 17529 rublioū.

Vypłyvaje rtuć

Korpajučysia ū ziamli na svaim padvorku, žychar Baranavič vykapaū butelku z 5 kh rtuci. Skul tamaka jana ūziałasia, nieviadoma. Čałaviek zdaū znachodku ū MNS. A prybiralščyca Paleskaha vakzału znajšła kilahramovuju kołbu rtuci ū śmietnicy la vakzału. Pakul niesła jaje ū milicyju, dyk krychu raźliła na peronie. Daviałosia pravodzić demerkuryzacyju.

Śviata ū Paūlinavie

U minułuju niadzielu žychary Paūlinava, što pad Baranavičami, adznačali śviata vioski. Pravodzilisia spabornictvy, latereja, hulni j tancy. Narodnyja majstry pradavali svaje vyraby.

Rusłan Raviaka,
Baranavičy

Картэс сышоў у гісторыю

Зьмена кіраўніка Опэры пацягнула страту гастроляў у Салятурне

У Опэры адбываецца зьмена пакаленьняў, бо галасы старэюць яшчэ хутчэй, чым людзі. Маладыя наракалі на старэйшых — маўляў, разам з дырэктарам не даюць дарогу таленавітай моладзі. Старэйшыя злавалі на моладзь, якая нібыта занадта напорыста пракладае сабе шлях праз дырэктарскі кабінэт. Ахвярай канфлікту пакаленьняў і стаўся Картэс.

Аднак калі яго звольнілі, артыстаў агарнуў жах. Пры Картэсе ім жылося нядрэнна. Аўтар чатырох опэраў, што ўваходзяць у залаты фонд беларускага мастацтва, лібэрал, інтэлігент, знаўца замежных моваў — ён здольны быў рабіць уражаньне на замежных імпрэсарыё. Тэатар выяжджаў на гастролі, артысты зараблялі і мелі посьпех. Зараз гэтых гастроляў ня будзе. Дына Арычы, мэнэджэр фэстывалю ў Салятурне (Швайцарыя), дзе нашыя артысты выступалі шэсьць гадоў, адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва і налета запрасіў баўгараў.

Запаўняльнасьць залі Опэры пры Картэсе сягнула 80% (перад гэтым была 25%). Дый унікальны рэпэртуар тэатру (хіты сусьветнае опэрнае клясыкі) патрабуе клапатлівай гаспадарскай рукі.

Артысты баяліся, што дырэктарам прызначаць чыноўніка, далёкага ад тэатру і ня здольнага арганізаваць добрыя гастролі, забясьпечыць рэкляму, паклапаціцца пра рэпэртуар. Тым больш што пасаду “дырэктар і мастацкі кіраўнік” падзялілі на дзьве часткі. Мастацкі кіраўнік ужо амаль прызначаны, гэта рэжысэрка Маргарыта Ізворская-Елізар’ева. Хто будзе дырэктарам, пакуль невядома. М.Ізворская-Елізар’ева шмат гадоў працавала ў Опэры. Сярод найлепшых ейных спэктакляў — “Сэвільскі цырульнік”, “Чарадзейная флейта”, “Тоска”. Некалькі гадоў таму, паспрачаўшыся з Картэсам, яна сышла з тэатру ў Акадэмію музыкі.

Юлія Андрэева

in memoriam

Змоўк голас эпохі

Сумная навіна — пайшоў ад нас Уладзімер Шаліхін. У часы майго маленства ён чытаў навіны на тэлебачаньні, гучаў па радыё, абвяшчаў выхад на сцэну маіх улюбёных артыстаў. Год ішоў за годам, лета зьмянялася восеньню, а ён — усё такі ж малады, па-джэнтэлмэнску элегантны, рухавы — усьмешкаю вітаў публіку ў філярманічнай залі, абвяшчаючы чарговы канцэртны сэзон.

Сьвятаслаў Рыхтэр быў ягоным асабістым сябрам. Галіна Чэрні-Стэфаньская раілася зь ім. Біргіт Фінільлё аднойчы публічна яго пацалавала. Расповеды пра гэтых людзей у канцы жыцьця склаліся ў цудоўную кнігу — “Пра тых, каго памятаю і люблю”. Асобны падразьдзел у гэтай кнізе — Марыя Калас, якая падарыла яму гальштук. Памятаю, як ён пакрыўдзіўся на мяне, калі ў радыёперадачы, прысьвечанай Калас, я дазволіла сабе на ейны адрас нейкія крытычныя словы…

Безь ягонага голасу нашае жыцьцё будзе іншым. Менш паэтычным. Менш высакародным і ўзьнёслым. Аднак музыка, якую ён гэтак глыбока разумеў і любіў, будзе гучаць і надалей.

Юлія Андрэева

 

пацярпелыя за Беларусь

16 жніўня сябры віцебскай філіі АГП Аляксандар Бакулін, Хведар Бакунаў, Тацяна Зайкова, Аляксандар Кабяк, Эла Канавалава, Вадзім Краўцоў, Надзея Шакаліс і Дзяніс Шман атрымалі судовае папярэджаньне за несанкцыяваную акцыю 26 ліпеня, прымеркаваную да Дня незалежнасьці. 19 жніўня “зуброўцы” Аляксандар Голуб, Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін былі затрыманыя каля расейскай амбасады ў Менску. Яны спрабавалі перадаць туды заяву з пратэстам супраць паглынаньня Беларусі Расеяй. Калі пратэст ня быў прыняты, узьнялі плякаты. Судзьдзя Тацяна Паўлючук дала І.Закрэўскаму й С.Пезкіну па 10 начэй арышту, А.Голубу – 5 начэй арышту за несанкцыяванае пікетаваньне. На знак пратэсту супраць затрыманьня ўсе трое трымалі галадоўку. За пікет супраць анэксіі Беларусі ля помніка Марату Казею, зладжаны 21 жніўня, быў затрыманы “зубровец” Яўген Афнагель. 27 ліпеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Тацяна Паўлючук дала яму 10 начэй арышту. Я.Афнагель у зале суду абвясьціў галадоўку. На чацьвертыя суткі ён быў шпіталізаваны ў сувязі з пагаршэньнем здароўя. Падчас расклейкі ўлётак зь перадвыбарчымі абяцаньнямі А.Лукашэнкі 23 ліпеня ў Маладэчне быў затрыманы сябра руху “Зубр” А.Сівы. З пастарунку А.Сівага выпусьцілі, нават ня склаўшы пратакол: усе цытаты былі з афіцыйных абяцанак. 30 жніўня за несанкцыяваны пікет і шэсьце былі затрыманыя 7 сяброў віцебскай філіі АГП: Аляксандар Бакулін, Аляксандар Кабяк, Яўген Канстанцінаў, Аксана Краўцова, Вадзім Краўцоў, Надзея Шакаліс і Алег Шульгін. На ўсіх складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыяванай акцыі. 2 верасьня суд Ленінскага раёну Горадні даў старшыню гарадзенскай філіі АГП Юр’ю Істоміну 200 тыс. рублёў штрафу за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да 2-й гадавіны зьнікненьня З.Завадзкага.

 

удакладненьне

У “НН” ад 30 жніўня ў артыкуле “На аснове растаропшы” замест “загадчык катэдры Ўладзімер Курчанка” трэба чытаць “загадчык лябараторыі прыкладных праблем біяхіміі Ўладзімер Курчанка”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0