Общество
Сямён Печанко

«Ад прэзідэнта да прэзіка адзін кароткі крок»

Мастак і пісьменнік Адам Глобус расказаў «Салідарнасці» пра сваё стаўленне да падзеяў ва Украіне і пра тое, чаму беларускай інтэлігенцыі не варта складаць спісы ў падтрымку Майдану.

Адам Глобус. Фота Міраслаў Адамчык

Мастак і пісьменнік Адам Глобус не хавае свайго стаўлення да падзей ва Украіне. У студзені 2014-га ён намаляваў анёла з мячом у руках на жоўта-блакітным фоне і назваў карціну «Анёл-змагар». У разгар драматычных падзей у Кіеве ён змясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку папярэджанне: «Са спісу сваіх сяброў, я прыбраў ворагаў Украіны. Цяпер буду прыбіраць тых, хто кепска выказваецца пра беларускую мову, пра беларусаў і Беларусь».

А вось адзін з апошніх допісаў Глобуса пра Януковіча:

«Назіраю за Януковічам і бачу: ад прэзідэнта да прэзіка адзін кароткі крок. Хадзіў чалавек у кіраўніках вялікай еўрапейскай дзяржавы, а праз пару тыдняў здзмуўся да нікчэмнасці. На такіх народ кажа — гандон ты лаплены. Дарэчы, гэта метамарфоза з Януковічам нагадала мне пра здарэнне ў Беларусі, калі адзін псеўдаапазіцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта, казаў пасля няўдалых выбараў, што яго выкарысталі, як гандон. Падобна на тое, што Януковіча гэтаксама сур’ёзныя людзі выкарысталі напоўніцу. У ператварэннях Януковіча мяне засмучае яшчэ і тое, што ён у нейкай ступені беларус. Ягоныя няўдачы, дуроты і злачынствы кідаюць цень і на ўсю Беларусь. Дзе Мінск, а дзе Кіеў, але сорам за паганыя паводзіны беларуса Януковіча я адчуваю, нідзе ня дзецца».

«Салідарнасць» пагутарыла з Адамам Глобусам пра падзеі ва Украіне, пра раскол у беларусім грамадстве, які абвастыўся на фоне ўкраінска-расійскага канфлікту, ролю СМІ ды інш.

— Тое, што зараз адбываецца ва Украіне — гэта нацыянальна-вызвольны рух. Ён працягваецца не першы год, працягваецца марудна. У 1991 годзе быў якасны скачок, калі абрынулася савецкая імперыя і нарадзіліся новыя краіны, — мяркуе мастак.

Ён называе змену ўлады ў Кіеве рэвалюцыяй, у якой удзельнічалі самыя розныя людзі —маладыя і старыя, бізнесоўцы і простыя рабочыя. Ахвяры былі, «нябесная сотня», але іх не так шмат, бо гэта ўсё ж рэвалюцыя, тут свае законы. А зараз Расія пачала вайну і ўсё можа змяніцца кардынальна. У сувязі з гэтым мастак не разумее паводзінаў украінскага войска:

— Чаму войска бяздзейнічае, чаму не рэагуе на акупацыю? Не разумею. Адам Глобус не раіць давяраць спісам творчай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой падтрымалі той ці іншы бок.

— Не трэба слухаць артыстаў, бо яны кажуць са сцэны словы, напісаныя не імі, а для іх. Мне асабліва сормана за акцёраў, бо сам скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Акцёры тэатраў паднявольныя, бо яны там служаць. А раз служаць, то і робяць тое, што ім загадалі. Загадалі падтрымаць Пуціна — яны падтрымалі. Я больш спачуваю тым, хто выказаўся супраць уварвання ў Крым. Людзі рызыкуюць працай, сяброўствам, сваім становішчам. А ўвогуле — вельмі не люблю розныя спісы. Бачыш першыя пяць прозвішчаў, а ў канцы і ўспомніць не можаш, а паловы з іх проста не ведаеш.

Карціна Адама Глобуса «Анёл-змагар»>

Мастак перакананы, што ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі ўкраінскае пытанне жыва абмяркоўваецца, а пляцоўкай для падобных дыскусій з’яўляецца інтэрнэт. Тут можна выкласці свае думкі, пабачыць на іх рэакцыю, тым самым вызначыць для сябе кола сваіх аднадумцаў і апанентаў.

— Складанне розных спісаў гэта атавізм, — падкрэслівае мастак.

Ён кажа, што часам у кампаніі сяброў нават даводзіцца абмяжоўваць тэму для размовы, на час адкладаючы палітычныя дэбаты. Разыходжанні ў думках па ўкраінскім пытанні дзеляць не толькі сяброў, але і сем’і. Вечаровыя навіны здольныя пасварыць бацькоў і дзяцей.

— Пераказ тэленавінаў робіцца пэўнай формай фальклёру. Чалавек пераказвае, часта ў скажонай форме, убачанае па тэлевізары, і выдае гэта за свае ўласныя думкі і назіранні. І нават сам у гэта верыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)